| Мястэчка пад вокладкай |
|
|
| Автор: Наталля Мілеўская | |||
| 05.03.2010 12:19 | |||
|
Прэзентацыя кнігі “Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVIII – першай палове 19 стагоддзя” гісторыка Іны Соркінай адбылася 1 сакавіка ў абласной навуковай бібліятэцы імя Я. Ф. Карскага. Пад вокладкай кнігі – сур’ёзнае даследаванне сацыяльна-эканамічнага і культурнага жыцця беларускіх мястэчак. Аўтар працавала над ёй больш дзесяці гадоў. У архівах не толькі Беларусі, але і Расіі, Польшчы, Літвы, Ізраіля знаходзіліся патрэбныя дакументы, матэрыялы. Многія з іх упершыню ўводзяцца ва ўжытак. Таксама вельмі цікавым атрымаўся дадатак да кнігі, які складаецца з планаў, статыстычных матэрыялаў, фотаздымкаў. Увогуле, гэту працу можна назваць энцыклапедыяй ўнікальнага феномена – мястэчка, дзе сутыкаліся і ўзаемадзейнічалі розныя веры, этнасы, мовы.
На прэзентацыі выступіў навуковы рэдактар кнігі, вядомы гісторык Захар Шыбека. Ён адзначыў, што беларускія мястэчкі – каштоўная частка нашай спадчыны, якую патрэбна больш вывучаць. Праца Іны Соркінай з’яўляецца першым комплексным даследаваннем у гэтай галіне ўрбаністыкі. У планах Іны Валер’еўны праца над новым даследаваннем, на гэты раз аб мястэчку Капыль.
|


